Снаряжение для слётов и лагерей  |  Палатки  |  Тенты  |  Рюкзаки  |  ВелоСнаряжение  |  Сумки для путешествий  |  Спальные мешки  |  Одежда  |  Термоноски  |  Снаряжение для сплава  |  Страховочное снаряжение  |  Продукция Petzl ®  |  Посуда  |  Лыжное  |  Фонари  |  Прочее
Категории  |  Новости  |  Статьи  |  Галерея  |  Прайс-лист  |  Где купить?  |  Контакты  |  Схема проезда

Турлан »  Паход па Нарвегіі-2019. Дні 8-10

Паход па Нарвегіі-2019. Дні 8-10

Сцяжына вымашчана расколатымі надвая прытопленымі плахамі

Таямніца Vettismorki так і засталася нераскрытай!

    Пакуль нарэзвалася сала, каўбаса, выкладвалісь сухары, нарэзвалісь грыбы, Пашка адышоўся да флагштока, што ўзвышаўся на падворку, і праз хвіліну ўсе ўбачылі, як на флагшток уздымаецца знойдзеная Пашкам у заплечніку маленькая сынава маечка. Момант быў надзвычай урачысты, таму ўсе пакідалі свае справы, падбеглі да флагштока і выстраілі пачэсны караул. Узняўшы голавы, назіралі, як падмокшая маечка уздымаецца ў шэрае нарвежскае неба…

    Да даху былі прымацаваныя дзве сонечныя батарэі, а ля ўваходу ў прытулак вісела аб’ява, якая на англійскай мове забараняла нам карыстацца адкрытым агнём. Мы знаходзілісь на тэрыторыі чужой краіны на прыватнай тэрыторыі і не маглі дазволіць сабе ігнараваць папярэджанне.

    Таму смажыць знойдзеныя падасінавікі прыйшлося пад дажджом паводаль ад будынка. Займаўся гэтым Лявон. Спосаб прыгатавання грыбоў чамусьці збянтэжыў нават тых, хто ўжо не ўпершыню быў з Лявонам у вандроўках і не ўпершыню ўжываў прыгатаваныя ім грыбы. А гатавалася ўсё вельмі проста: грыбы нарэзваюцца невялічкімі кавалачкамі і разам з цыбуляй без усялякага адварвання кідаюцца на патэльню з алеем. Хвілін праз 5-7 страва выглядае вельмі прывабна і распаўсюджвае надзвычай апетытны водар.

Урачысты пад'ём сцяга

    Пасля атручвання сырым баравіком прыгожаафарбаваным гадоў шэсць таму Саня пазбягае ужываць у ежу трубчатыя грыбы. Наста таксама адмовілась – яшчэ вельмі свежым быў напамін аб учарашнім атручванні каўбасой. Але яна з вялікай цікавасцю назірала за тым, як астатнія шморгалі лыжкамі па патэльні. Грыбы ўдаліся. Шкада, што іх было няшмат!

    Пакуль рыхтаваліся да абеда, Саня паспеў збегаць да падобных на хлеўчукі прыземленых збудаванняў пад здзірванелымі дахамі і нават зазірнуў у адзін з іх. Хлеўчукі былі адчыненымі, і ў тым, куды зазірнуў Саня, быў цэлы склад рознага электра- і бензаінструмента: перфаратары, бензапілы і інш. Увогуле, вельмі цікава было б даведацца аб прызначэнні гэтага паселішча сярод балота.

    Паабедаўшы, рушылі далей. Сцяжына, што вяла нас да мастка праз пратоку, праходзіла каля адной х крайніх пабудоў, дзверы якой таксама былі не не замку. Па сваёй звычцы Саня вырашыў даведацца, што змяшчаецца ў гэтым хлеўчуку. Ён адчыніў дзверы, каб зазірнуць усярэдзіну і адчуў, што на яго павеяла цяплом.

  • - О! дык тут цёпла! – сказаў Саня і засунуў сваю даўгую руку ў адчыненыя дзверы. Тым часам дзяўчаты ў акенцы назіралі спалохана-здзіўлены твар сталай нарвежскай жанчыны, што знаходзілася ў будынку…

    А мы, нібыта нічога не здарылась, рухалісь да бадай што самага прыгожага месца за ўвесь паход – да самага вялікага ў Нарвегіі вадаспада Vettisfossen. Вадаспад сапраўды ўразіў. Найлепшы выгляд атрымаўся з назіральнай пляцоўкі непадалёк ад месца, з якога вада падала на 270 метраў уніз. Але ўбачыць увесь вадаспад з гэтага берага ракі Utla, у якую ён падае, было намагчыма.   Пафоткалісь, адчуваючы ўрачыстасць моманту і драбнейшы вадзяны пыл на тварах, выказалі свае эмоцыі , падмацавалісь карманкамі.

Вадаспад Vettisfossen

    Наперадзе быў доўгі круты спуск да прытулка Vetti Gard. Спуск апынуўся сапраўды крутым ва ўсіх адносінах: і па прыгажосці, і па хуткасці скіда вышыні. У небяспечных месцах па скалах уздоўж сцяжыны быў пракінуты стальны трос, былі вельмі прыгожыя і цікавыя серпанціны. І калі ўрэшце апынуліся на падворку Vetti Gard, нават не верылась, што мы толькі што злезлі вось па гэтай амаль адвеснай зарослай хмызняком і крывалессем сцяне.

    Скінулі заплечнікі, пачалі шукаць халяўны Wi-Fi. Убачыўшы на падворку гасцей, з прытулка выйшла маладая жанчына, каб запрасіць нас завітаць у харомы. Мы растлумачылі ёй, што не збіраемся гасцяваць і на хуткім часе пойдзем далей. Тым часам набегла хмара і пачаўся дождж з мокрым снегам – звычайная справа ў нарвежскіх гарах улетку. На пагорачку стаяла невялічкая пабудова на сваях накшталт хаткі бабы-Ягі.

На пагорачку стаяла невялічкая пабудова на сваях накшталт хаткі бабы-Ягі

    Каб не мокнуць дарма, падцягнулі на пагорачак заплечнікі, а самі схавалісь пад хатку. Відовішча было не зусім звычайнае, таму Лявон пачаў лазіць фатаграфаваць. І трэба ж было, каб менавіта ў гэты час яго заплечнік страціў раўнавагу і пакаціўся з пагорка проста пад ногі нарвежцу гадоў трыццаці, што праходзіў побач! Наста памкнулася з-пад хаткі на курыных лапках за заплечнікам. Жадаючы дапамагчы Настассі, нарвежац узяў заплечнік за лямкі і памкнуўся падняць яго, але не здолеў нават адарваць ад зямлі. Пасля гэтага ён махнуў рукой і пайшоў. Што адбылося далей? – Наста учапілася за заплечнік і зацягнула яго назад на пагорак! Дык Наста – самая маленькая з нашых дзяўчатак! Сэрца поўніцца гонарам за зямлю, якая нараджае такіх дачок! А што ж хлопцы? Хлопцы прызначаны для больш значных здзяйсненняў, таму не  рэагуюць на дробязі, з якімі справіцца любая беларуская дзяўчынка!

    Сённяшні план хады мы выканалі. Трэба было паклапаціцца аб утульнай пляцовачцы пад намёты. Задача не з самых простых. Побач з прытулкам была парослая травой роўная пляцовачка, але яна была агароджаная сеткай – прыватная ўласнасць. Бліжэй за 150 метраў ставіць намёт забаронена. Уважліва разгледзелі мапу на папяровым носьбіце. На адрэзку сцежкі ад прытулка да маста праз рэчку Utla были прыкметы таго, што можам знайсці гарызантальнае месца пад намёты. Так яно і атрымалась. Адзінае, ізноў прыйшлося ставіць намёты метраў за сто адзін ад аднаго па розныя бакі ад сцяжыны. Да абодвух пляцовачак са сцяжыны трэба было лезці праз кусты ўгору. Але гэта было ўжо звыклай з’явай. Тым болей, што на вячэру быў чарговы сюрпрыз, на гэты раз ад Пашкі. Была прапанова зрабіць сюрпрызную вячэру Алене, але яна адмовілась, спаслаўшысь на тое, што яе сюрпрыз патрабуе доўгай падрыхтоўкі, і аб гэтым яе трэба папярэдзіць не меней, чымсьці за суткі. – Папярэдзілі!

    Пашка таксама падрыхтаваў сюрпрыз: ён кантрабандай правёз у Еўразвяз ладны кавалак бастурмы звыш раскладкі, дзякуючы чаму група не адчувала дэфіцыту ў харчовых прадуктах з утрыманнем бялку пасля таго, як еўрапейская каўбаса не прайшла сертыфікацыю Настай. Як бачыце, сюрпрызы бываюць розныя!

 

02.07.2019

Дзень 8

Пахмурна, вецер

Пахмурна, дождж, моцны вецер

Пахмурна, дождж з мокрым
снегам, моцны вецер

Vetti Gard – р. Kolhaugsbekken – г. Gravdalsnosi – р. Gravdola

Пройдзеная адлегласць
14,45 км*1,2=17,34 км

Набор вышыні +1634 м
Скід вышыні -718 м

Працягласць хадавога дня
10 гадзін 26 хвілін

 

Трэк восьмага хадавога дня на тапаграфічнай мапе (чырвоная лінія)

Трэк, перапад вышынь  і хуткасць руху па маршруце восьмага хадавога дня на мапе Google Earth (блакітная лінія)

    Амаль усю ноч ішоў дождж. Затое раніцой, пакуль гатавалі сняданак, некалькі разоў нават выглянула сонейка. Скарыстаўшы момант, падсушылі намёты. Хоць белыя ночы нейк непрыкметна ўжо скончыліся, летнія дні ў прыпалярных шыротах доўгія. Таму мы асабліва не спяшаліся з выхадам, ведаючы, што дзённы пераход у любым выпадку мы завершым у светлы час сутак, хаця і не дазвалялі сабе выходзіць на маршрут пазней за 10 гадзін.

    Спуск да навяснога маста праз рэчку быў даволі крутым. Рэчка сустрэла нас гулам магутных патокаў. У такія моманты на нейкім жывёльным узроўні адчуваеш павагу да стыхіі. Навясны мост над бурлівым патокам выглядаў вельмі маляўнічым і надзейным, але ў мэтах бяспекі пераходзілі яго па адным.

Навясны мост над бурлівым патокам

    Правы бераг сустрэў нас невялічкай пляцовачкай, з якой пачынаўся круты зацяжны пад’ём. Сцяжына першапачаткова была не вельмі добра вызначаная, і час ад часу здавалася, што на хуткім часе яна зусім знікне. Яе атаясамлялі дрэўцы крывалесся. Чапляючыся за іх пераадольвалі небяспечныя месцы, якія час ад часу ўзнікалі на нашым шляху. Так, небяспечныя месцы былі, бо пад’ём адбываўся па крутым схіле, і сцяжына непазбежна выскоквала на край абрыва. А калі ўлічыць, што ўжо колькі дзён у гарах ідуць дажджы, паўсюдна па схіле цячэ вада, лішайнікі, што растуць на камянях, набраліся вільгаці і паверхня камянёў стала надзвычай слізкай, то стане зразумела, што перасцярога не была лішняй. Іншым разам ў мэтах бяспекі прыходзілася ігнараваць сцяжыну і лезці праз зарасці па-над ёй. Гэта было не заўсёды прыемна і запавольвала рух. Саня з Пашкам аднойчы праігнаравалі каманду кіраўніка рухацца за ім і прайшлі па-над абрывам па  нахільнай мокрай паверхні скалы. Былі разборкі.

    Урэшце сцежка вывела нас на першую пляцовачку, з якой адкрывалась цудоўная панарама на вадаспад Vettisfossen на супрацьлеглым беразе ракі. Канешне, проста так прай сці мы не маглі! Спыніліся, каб палюбавацца гэтым цудоўным відовішчам. Мы яшчэ не ўзняліся да ўзроўня, з якога падала вада, і не ўвесь вадаспад адкрываўся нашаму зроку. Сюды не так моцна даносіўся шум вады, перад вачыма не было тумана з мільярдаў мікраскапічных кропелек, не так, як зблізку адчувалася моц вадаспада, затое мы бачылі не асобныя фрагменты, як зблізу, а ўсё палатно.

Мы бачылі не асобныя фрагменты, як зблізу, а ўсё палатно

    Падчас набору вышыні нам яшчэ неаднаразова сустракаліся адкрытыя пляцовачкі, з якіх адкрываўся далягляд на вадаспад. З кожнага ракурса ён выглядаў па-новаму,  і мы ізноў спыняліся, каб пацешыць вока і зафіксаваць відовішча ў памяці сваёй і фотаапарата.

    Сцяжына, па якой мы ўздымаліся, вядзе з прытулка Vetti Gard у прытулак Stolsmaradalen На мяжы зялёнай зоны і тундры яна сутыкаецца з сцежкай, што вядзе з прытулка Stolsmaradalen у прытулак Avdalen Hagaberg. Мы звярнулі на гэту сцяжыну і па ёй пайшлі ў бок Avdalen Hagaberg. Наведванне прытулка не ўваходзіла ў нашыя планы. Гэта сцяжына была нашым спадарожнікам да таго часу, пакуль траверсам праходзіць па схіле. Там, дзе яна пачне спускацца ў зялёную зону, у адпаведнасці з запланаваным маршрутам мы павінны працягнуць траверс па ледзь прыкметнай на мапе сцежцы, што вядзе да Gravdalsnosi.

    На дожджык мы даўно перасталі зважаць. Але калі выйшлі з зоны лесатундры ў зону тундры, дрэвы і кусты перасталі бараніць нас ад ветру. А вецер разгуляўся не на жарт, што таксама было ўжо даволі звыкла. Траверсам перасоўвалісь хутчэй і весялей. Мы ўзняліся ўжо значна вышэй за вадаспад, да таго ж нічога ўжо не загароджвала яго ад нашага позірку. Такім чынам, мы яшчэ доўга маглі назіраць яго па левую руку.

    Набліжаўся абед. На непрацяглы час сцежка  ізноў занырнула ў кусты. Насустрач нам па сцежцы рухалісь дзве сталыя жанчыны. Апранутыя яны былі не так, як турысты, якіх нам давялося сустракаць. На галаве ў іх былі цёплыя ваўняныя каптуркі рознага колеру, але з аднолькавай эмблемай у выглядзе літары “Т”, у руках яны трымалі шчотачкі, пэнзлікі і чырвоныя бутэлечкі кетчупа.

  • – Ні! – ветліва прывіталіся жанчыны.
  • – Ні! – хорам адказалі мы.

    Заўсёды адчуваеш, спяшаецца чалавек, ці не, ёсць у яго жаданне паразмаўляць, ці лепш не перашкаджаць яму ісці сваёй дарогай. Жанчыны былі не супраць паразмаўляць.

Кожны малюе свій шэдэўр. Валанцёрка з Осла за працай

    Яны сказалі, што ў бутэльках у іх не кетчуп, а чырвоная фарба, якой яны ўзнаўляюць маркіроўку турыстычных сцежак. Дарэчы, усе турыстычныя сцежкі на нашым шляху былі маркіраваныя літарай “Т”. Саня зацікавіўся:

– Гэта ваша праца ці хобі?
– Мы - валанцёры, – адказалі кабеты.
– Кожны год прыяжджаем з Осла і за начлег і ежу ўзнаўляем маркіроўку.
– Зараз маркіруем вось гэтую сцежку, - і паказала сцежку на мапе.
– А вы куды ідзеце? – Мы паказалі сваю сцежку на нашай мапе.
– А на нашай мапе там няма ніякіх сцежак! - сказалі кабеты.
– Нічога, мы знойдзем! – упэўнена адказалі мы.

    А не трэба было адказваць так упэўнена!

    Жанчыны зазбіралісь.

    – Зараз я пакажу вам, як мы ўзнаўляем маркіроўку, сказала адна з іх. Яна падыйшла да бярозкі, ўзяла металічную шчотачку, пацерла ёй па ствале дрэўца, потым з бутэлькі выціснула на пэнзаль чырвонай фарбы і намалявала літару “Т”.

    Жанчыны развіталісь з намі, мы таксама пажадалі ім поспехаў. Наўздагон Алена пачаставала кабет цукеркамі, чым крыху збянтэжыла іх.

    Тым часам надыйшоў ужо час абеда. Месца задавальняла. Вырашылі абедаць, не сыходзячы з яго.

    На хуткім часе сцежка павінна была разыходзіцца. Трэба быць уважлівымі, каб не праскочыць развілку. Маючы ў камандзе дваіх штурманаў вышэйшай кваліфікацыі, аб гэтым можна было не турбавацца. І сапраўды, GPS-навігатар сваечасова паведаміў, што пара сыходзіць са сцежкі. Вось толькі куды? Другой сцежкі не было. Мы пайшлі, прытрымліваючысь накірунка, які супадаў са сцяжынай на навігатары. Час ад часу трапляліся асобныя турыкі, з’яўлялася надзея, што ўрэшце выйшлі на сцежку. Але ўсе надзеі былі ілюзорнымі. Без сцежкі ішлося марудна. Лішайнікі на камянях размоклі, камяні слізкія, ісці трэба асцярожна. А вецер зусім ашалеў пры тым, што час ад часу пачынаўся дождж.

    Гадзіны праз паўтары далёка ўнізе мы заўважылі дзве маленькія постаці, якія прывітальна махалі нам рукамі. Гэта былі тыя самыя валанцёркі, што ўзнаўляюць маркіроўку. Мы, як родным, таксама замахалі і закрычалі ім у адказ. Нават на душы  пацяплела! Душу вельмі грэе неабыякавасць.

    Падыйшлі да рэчкі Slufsedola. У тым месцы, дзе на мапе быў намаляваны брод, пераходзіць рэчку было немагчыма – прайшлі дажджы, узровень вады ўзняўся. Ды і рэчка не раўнінная! Трэба было шукаць брод вышэй па плыні. Ацаніўшы абстаноўку, пачалі паднімацца на хрэбцік з левага араграфічна берага рэчкі, каб па ім узняцца да возерца з адзнакай 1099 і там перайсці рэчку. Узняліся, прайшлі па хрэбціку. Параіліся з навігатарам, а ён і кажа, што побач праходзіць наша сцежка. Да яе метраў 200! Канешне ж, трэба выходзіць на сцежку! Ідзем у зададзеным накірунку. Дакладна вытрымаць накірунак немагчыма – горы. Прыходзіцца абмінаць перашкоды. Метраў праз 300-400 ізноў звяртаемся да навігатара. Зноў да сцежкі метраў 180! А вецер ледзь не здувае! Так выходзілі на сцежку не меней за гадзіну. І ўвесь час у кіраўніка не знікала адчуванне таго, што ідзем не ў той бок. Але што можна супрацьпаставіць навігатару з занесеным у яго трэкам? – Толькі папяровую мапу і компас! На свет божы з’явілася мапа №14 і компас. Яны адразу паказалі, што мы ідзем у зваротны бок! А сіл на гэтыя бадзянні было пакладзена немерана, ды і вецер душу выдуваў! Выйшлі на свае ж слядыі і ізноў падыйшлі да рэчкі Slufsedola. На гэты раз не сталі шукаць прыгожых рашэнняў, а папросту пайшлі ўздоўж рэчкі ўверх па плыні. Ісці прыйшлося доўга, да таго часу, пакуль рэчка не падзялілася на два рукавы. Прайшоўшы яшчэ вышэй, паасобку фарсіравалі іх.

    Усе былі наскрозь прамоклыя і стомленыя, але станавіцца на начлег было рана – не зарабілі. Пашка пачаставаў усіх цукеркамі, адпачылі і пайшлі далей.

Пашка пачаставаў усіх звышнарматыўнымі цукеркамі

    Апошняй кропкай сённяшняга хадавога дня павінна была стаць рэчка Slufsedola. Дзеля гэтага трэба было пераадолець яшчэ адзін хрыбет. Падчас гэтага перахода Нарвегія працягвала выпрабоўваць нас няспынным ветрам, дажджом з мокрым снегам, мокрым слізкім каменнем і балоцістай тундрай пад нагамі. Пра тое, што ў чаравіках хлюпала з абеда ня след і гаварыць.

    Калі выйшлі на схіл хрыбта, звернуты да рэчкі, пачалі вывучаць яе даліну з мэтай вызначыць, як лепш спусціцца і дзе можна знайсці сухое роўнае месца пад намёты. Задача была няпростая, таму што навокал усё плыло. Пойма ракі была адзіным балотам, якое яшчэ трэба было здолець перайсці. Але нам ужо не было чаго страчваць! Урэшце рэшт нам пашчасціла: ля ракі знайшоўся не прыбалочаны пятак, дзе мы і змясцілі свае намёты.

    Паставіўшы намёты, Насту пакінулі грэцца ў намёце – пачала мерзнуць. Астатнія сабраліся ля кухні. Сёння Алена павінна прыгатаваць нам вячэру-сюрпрыз, да якой яна рыхтавалася з учарашняга дня. Усім было вельмі цікава. Пашка таксама прыйшоў. Паколькі яго ногі болей, чым у іншых пакутуюць ад вады ў чаравіках, на стаянках Пашка апранаў шлёпанцы на босую ногу, каб скура крыху падсыхала. Вось і зараз ён быў басанож у шлёпанцах нягледзячы на тое, што пачаўся снег і дуў пранізваючы вецер. Так усе праглі даведацца, што ж за сюрпрыз нас чакае сёння! Аказалася, што суткі патрэбныя былі на тое, каб прарасціць сачавіцу. Невядома, наколькі яна магла прарасці пры тэмпературы, крышачку большай за ноль. Пад лупай ніякіх парасткаў не знайшлі, але гатовыя былі есці яе ў любым выглядзе, бо выматалісь, прамоклі і прадроглі моцна. Нягледзячы на тое, што на нашай кухні было не вельмі ўтульна з-за ветра і дажджу са снегам, а самі мы былі прамокшыя і прадрогшыя, Алена з вялікім захапленнем падсмажвала сачавіцу, змешвала яе з бульбяным пюрэ і кожную порцыю ўпрыгожвала кавалачкам сметанковага масла. А калі ўлічыць, што да таго ж дадавалася грамаў па 30-40 сала і бастурмы, а шліфавалася ўсё кубкам журавінавага кісялю, то стане зразумела, што жыццё наладжвалася, нягледзячы на тое, што сухары ўжо выдаваліся па блакадных нормах.

    З удзячнасцю да дзяжурных ужываючы вячэру, трывожна паглядалі на схіл хрыбта, на які па плане павінны рухацца заўтра. Гэта ў нас у даліне ракі ішоў дождж са снегам, а ў гарах ішоў снег, і горы рабіліся ўсё бялей і бялей, у той час як наступныя два дні планавалася ісці праз іх напрасткі без сцяжыны.

У гарах ішоў снег, і горы рабіліся ўсё бялей і бялей

    На снег разлічана не было. І зразумела, што па снезе, па абледзянелых камянях гэтую частку маршрута за час, які ў нас заставаўся, прайсці не здолеем. Да таго ж без “кошак” хадзіць па снезе ў гарах вельмі траўманебяспечна.

    З цяжкім сэрцам была агучана думка пра тое, што, калі да ранка нічога не зменіцца, прыйдзецца мяняць маршрут.

03.07.2019

Дзень 9

Пахмурна, дождж, вецер

Пахмурна, дождж, вецер

Пахмурна, дождж, вецер

р.Gravdola – прытулак Gravdalen – прытулак Varstolen – прытулак Avdalen Hagaberg – д.р. Utla - вдсп. Hjelefossen – Ovre Ardal – Fodnes – Mannheller – Hjellaboen

Пройдзеная адлегласць
13,7 км*1,2=16,44 км

Набор вышыні +340 м
Скід вышыні -1253 м

Працягласць хадавога дня
7 гадзін 15 хвілін

 

Трэк дзевятага хадавога дня на тапаграфічнай мапе (чырвоная лінія)

Трэк, перапад вышынь  і хуткасць руху па маршруце дзевятага хадавога дня на мапе Google Earth (блакітная лінія)

    Усю ноч то мацней, то слабей па тэнтах намётаў шамрэў дождж. Адразу пасля ранішняй пабудкі стала зразумела, што змена маршрута непазбежная: бель гор за ноч толькі павялічылась. Пашка падыйшоў  да кіраўніка і з вялікім жалем сказаў:

  • – Дзядзька, вельмі шкада, што вандроўка скончылась заўчасна!      

    Маладосці ўласціва ўсё перабольшваць. Так, планы мяняюцца ў адпаведнасці з форс-мажорнымі абставінамі, але да канца вандроўкі яшчэ тры дні. Іх трэба выкарыстаць максімальна эфектыўна! А з такой камандай – гэта не праблема. Таму што штурманы Пашка і Вольга ужо распрацавалі план далейшых дзеянняў, які быў прызнаны вельмі рацыянальным. Нам належала з гор выйсці ў горад Ovre Ardal, адтуль аўтобусам перабрацца да парома ў Fodnes. На пароме пераплыцы фьёрд у Mannheller, далей зноў жа аўтобусам даехаць да Hjellaboen, адкуль працягнуць паход па гарах. Канешне, рытм вандроўкі ад пераездаў збіваецца, але ніхто не казаў, што жыццё ўвесь час будзе прыстасоўвацца пад нашы планы. Часам прыходзіцца і нам, як сапраўдным героям, ісці ў абыход.

    Пасля сняданка рушылі ўздоўж рэчкі ўніз па плыні. Па мапе там павінна была праходзіць сцяжына, але ў нас пад нагамі кіламетры са два было балота. Потым пачалі трапляцца прыкметы сцежкі, якія хутка пераўтварыліся ў добра набітую сцежку, што прывяла нас да прытулка Gravdalen. Прытулак уяўляў з сябе комплекс з трох драўляных пабудоў, адна з якіх з’яўлялася жытлом, а дзве другія – дапаможнымі будыначкамі. Невялічкія акенцы, адзярнованыя дахі – нарвежская класіка. На дзіва, на дзвярах жылога будынка не было замка. Вы ўжо ведаеце пра дапытлівасць нашае каманды. Канешне ж, зазірнулі ў дом! Нашым поглядам адкрыўся вельмі чысценькі стыльны пакойчык, у правым дальнім куце якога стаяў двух’ярусны ложак, акуратна запраўлены  чыстай пасцеллю. Ля ложка – стол з газавай плітой, чайнікам, закопчанай патэльняй і агаркам свечкі на ажурным падсвечніку. У левым дальнім куце стаялі нейкія сасуды невядомага прызначэння. Гэты пакойчык выглядаў як сені, з якіх можна было б патрапіць непасрэдна ў хату, калі б на дзвярах не вісеў свірановы замок. Як цудоўна было б правесці мінулую ноч у гэтых сенцах! Але хто ж ведаў, што гэты прытулак без абслугоўваючага персанала, і што дзверы будуць адчыненыя?!

    Задаволілі сваю цікаўнасць, пафатаграфавалі, ў часопісе наведвальнікаў высветлілі, калі апошні раз у прытулку былі пастаяльцы. Прытулак наведвалі тры дні таму. Мы ў ім не начавалі, таму сваіх імёнаў у спісе наведвальнікаў не пакінулі. Тым болей, што доўга затрымлівацца не было часу. Каб не паганіць сваімі мокрымі бруднымі чаравікамі падлогу, у пакой не заходзілі – паглядзелі і пафоткалі з дзвярэй. Звонку ішоў паскудненькі мелка-дробненькі дожджык, у які там-сям украпляліся сняжынкі. Каб не мерзнуць, трэба было ісці.

У правым дальнім куце якога стаяў двух’ярусны ложак

    На хуткім часе ўвайшлі ў лесатундру. Пасля ўчарашніх бадзянняў без дарогі па забалочанай тундры спуск па набітай сцяжыне быў проста райскай асалодай. Група была ў добрым здароў’і: Пашкава нага ішла на папраўку.

    Неўзабаве, пасля таго, як па мастку перайшлі рэчку Slufsedola, абсалютна нечакана, і таму з яшчэ большай радасцю сустрэлі ўжо добра знаёмых нам бабалек-валанцёрак, якія выйшлі на працу ў кампаніі з двума сваімі паплечнікамі. Нягледзчы на скандынаўскую суворасць, бабулькі былі таксама вельмі радыя сустрэчы з намі. Прыйшлося распавесці ім пра абставіны, якія вымусілі нас змяніць маршрут. Учора справа не дайшла да высвятлення, адкуль мы, а сёння бабулькі пацікавілісь. Дарэчы, амаль усе нарвежцы цудоўна размаўляюць па-англійску! А што ж мы? – Мы таксама людзі адукаваныя! Пашка нават працаваў у Злучаных Штатах у студэнцкія гады. З агульнага шэрагу выбіваліся толькі Наста і нарвежац-дзядуля. Дзядуля валодаў толькі нарвежскай, таму ў размову ўступіў толькі аднойчы. Мы напружылісь, спрабуючы зразумець, аб чым ён, але потым да нас дайшло, што ён аб сваім, аб нарвежскім. Наста маўчала, таму што з яе дасканалай нямецкай тут рабіць не было чаго.

    У нас запыталіся, адкуль мы. На жаль, далёка не ўсе ў Еўропе ведаюць нашу краіну! Называючы Беларусь, мы разлічвалі, што нарвежцы – заўзятары біятлона, таму павінны ведаць пра існаванне беларусаў. Але на ўсялякі выпадак дадалі:

  • – Бьёрндален, Даша Домрачава.
  • – Oh! Very good couple! – адрэагавалі нарвежцы.
  • – А яшчэ ёсць трактар “Беларус”! – сказала новая для нас бабулька.
  • – Як! Вы ведаеце нават пра трактар? Адкуль?
  • – Я фермер, і ў мяне ёсць трактар “Беларус”.
  • – Ну, і як вам наш трактар? – з надзеяй запыталіся мы.

Ну, і як вам наш трактар?

  • – Цудоўны трактар! – адказала кабета.
  • – А як па якасці, па надзейнасці? – дапытвалісь мы, за сваё жыццё наслухаўшысь пра тое, што нашыя трактары і МАЗы – тэхніка не еўрапейскага ўзроўню.
  • – Вельмі якасны і надзейны!
  • – Ну вось, мы ўсё лепшае прадаём за мяжу, сабе пакідаем некандыцыю, таму лічым, што наша тэхніка – адстой! – сказаў Лявон.
  • – Не хвалюйцесь, мы таксама вылоўльваем вельмі многа рыбы, і ўсё лепшае прадаём за мяжу, а сабе пакідаем горшае! І тое горшае ў нас вельмі дорага каштуе! – адказала фермерша.

    Так, няма ў свеце дасканаласці!

    Размова была вельмі цёплай і ўзаемна прыемнай, але нарвежцы былі павінны яшчэ адпрацоўваць свой кавалак хлеба і дах над галавой, а нас наперадзе чакала шмат незапланаванага, і з часам трэба было абыходзіцца ашчадна. Таму мы цёпла развіталісь, пажадаўшы адзін аднаму здароў’я і поспехаў, і разыйшлісь у розныя бакі.

    Не паспелі нарвежцы адысціся і на 300 метраў, як ля сцяжыны мы знайшлі цудоўнае сямейства падасінавікаў. Не ведаем, ці можна ў нарвежскіх запаведніках на вачах у нарвежцаў збіраць грыбы, але мы рызыкнулі!

    Падчас спуска мы прайшлі паўз ферму ў гарах, шыльдачка на якой абвяшчала, што яна заснаваная недзе аж ў 1700-х гадах. Апошні этап спуска быў крутаваты, але гэта ж спуск! Такім чынам гадзін праз шэсць пасля выхаду з месца начоўкі па мосце мы перайшлі на левы бераг рэчкі Utla, дзе апынуліся на гравійнай дарозе, па якой час ад часу праходзілі групы арганізаваных турыстаў-паркетнікаў. Пасля непрацяглага адпачынку з падсілкоўваннем кішэнкамі рушылі па гэтай дарозе і, яшчэ двойчы перасекшы рэчку па мастах, хвілін праз сорак выйшлі да кардона, які адзначаў мяжу запаведніка. На кардоне быў турыстычны інфа-цэнтр, дзяўчына  з якога дапамагла нам з’арыентавацца ў раскладзе руху транспарта па аўтавакзале гарадка Arve Ordal, ў які павінна была вывесці нас дарога. За мяжой запаведніка  дарога стала асфальтаванай.

    Дарогу асіліць той, хто ідзе. Але той хто не пад’есць, не асіліць нічога. Таму на бліжэйшай  паркоўцы занялі столік, па гаспадарску пачалі рэзаць на ім сала, каўбасу, раскладаць рэшткі сухароў і абломкі пячэння, смажыць падасінавікі. Нават не спыталі ў Насты, ці зарабілі сённяшні абед – зарабілі.

    Канешне, ісці па асфальце зусім не цікава, але гэта давала магчымасць паназіраць за звычкамі і бытам мясцовага насельніцтва. Па-першае, кідаецца ў вочы выключная добраўпарадкаванасць усіх пабудоў і падворкаў. Усе дамы ашаляваныя і амаль усе – белыя, платы паміж гаспадаркамі адсутнічаюць, газончыкі  акуратненька падстрыжаныя, дахі на дамах ужо не адзярнованыя, а метала-чарапічныя, па газонах поўзаюць электрычныя робаты-трымеры і ўвесь час ціхенька непрыкметна скубуць траўку, не атручваючы паветра страшэнным ровам і ванючым сівым дымам. Паўсюдна, дзе гэта магчыма, нарыхтоўваецца сена і захоўваецца ў замотаных у белы пластык “кацілішчах” (так у глыбокім дзяцінстве ўнук Лявона Дамінік называў круглыя цюкі сена і саломы). Сена, зразумела, нарыхтоўваюць для траваядных, але хто гэта: каровы, авечкі, козы, алені ці коні? Пакуль мы сустрэлі толькі статак аленяў і пару авечак.

    Вось так мы ішлі, ішлі, і ўрэшце надвячоркам прыйшлі ў Arve Ordal  на аўтавакзал. Па інфармацыі, акую мы атрымалі ў інфа-цэнтры, аўтобус да парома ў Fodnes павінен быў ісці каля васьмі гадзін вечара. У нас было яшчэ гадзіны паўтары, таму, паскідаўшы заплечнікі, мы селі адпачыць у пустым будынку вакзала. Ні кас, ні раскладу руху, ні дзяжурнага, ні нават самага галоўнага ва ўсіх установах чалавека – прыбіральшчыцы – не было і прыкмет. Гэта было зусім не падобна на вакзал. Таму, калі ў будынак хуткім крокам зайшоў паўнаваты негр у форменнай вопратцы, яго тут жа спынілі пытаннем, ці можна сёння заехаць у Fodnes. Нецярпліва пераступаючы нагамі з усім добра вядомай нагоды, ён сказаў, што яго аўтобус – апошні за гэты дзень, і што ён адпраўляецца праз пяць хвілін.

    За праезд разлічвалісь карткай. Выйшла нешта каля дзесяці еўра на чалавека. У Fodnes пад’ехалі да самага парома.  Паром стаяў ля прычала, на яго грузіліся аўтамабілі і аўтобусы. Трэба было хуценька набываць квіткі. Пашка праявіў ініцыятыву - пайшоў да служачага, што кіраваў заездам транспарта, і праз колькі хвілін вярнуўся з квіткамі. Высветлілась, што калі едзеш пешшу, без машыны, то перавозяць цябе бясплатна. Але квіток, хоць і коштам ноль крон, у цябе павінен быць.

На верхняй палубе парома

    Падняліся на верхнюю палубу, пафоткалісь на фоне прадуваемага усімі ветрамі свінцовага колеру фьёрда. Пераплывалі фьёрд мо хвілін дваццаць. За гэты час Пашка знайшоў у прыбіральні цёплую ваду і нахаляву памыў галаву! Ён не прападзе! І вошы яго не заядуць! А звонку такі сціплы хлапчына!

    Пераправа на нарвежскіх паромах  арганізавана дасканала: ні адзінай хвілінкі затрымкі, усё дакладна, размеркавана, усё па раскладзе. Прычалілі – праз пяць хвілін паром разгружаны, яшчэ пяць хвілін – закончаная пагрузка, і паром пачынае рухацца ў зваротным напрамку. Ідзе як ледакол, але на падыходзе да прычала аўтаматыка так акуратна ўсім кіруе, што нават не адчуваеш, калі датыкнулісь да прычала. Не, гэта вам не паром праз вялікую палесскую раку Гарынь, якім у 60-х і 70-х гадах мінулага стагоддзя кіраваў дзед Грым!

    Пакуль на другім беразе фьёрда чакалі наступны аўтобус, заўважылі, як непадалёк ад прычала над дрэвам завісаюць чайкі, і нешта хапаюць з яго клювам. Самым зацікаўленым апынуўся Лявон, які высветліў, што дрэва – чарэшня, і што плады амаль што спелыя. Вось табе і прыпаляр’е!

    Аўтобус прыйшлося чакаць каля гадзіны, яшчэ з паўгадзіны ехалі, кантралюючы па навігатары сваё месцазнаходжанне, каб не праскочыць месца прызначэння, бо гэта зблытала б зноўку зацверджаны план. Не праскочылі! Пасля высадкі насупраць гісторыка-этнаграфічнага музея з кіламетр прайшлі па грунтовай дарозе ўглыб ляснога масіва, што  пакрывае схілы гары  Hesteggi. Ухіл схіла быў даволі круты, таму, не без цяжкасцей, пасля паўгадзінных пошукаў знайшлі месца пад намёты. Пашанцавала, што побач з гары збягала рачулка. На вячэру быў сюрпрыз ад Пашкі. Пашка – чалавек практычны і рацыянальны. Было смачна, спажыўна і без пяці літраў вады.

    Перад тым, як класціся спаць, Пашка разматаў левы галенастоп. Хадзіў ён ужо не кульгаючы, але клапаціцца аб нагах трэба, бо наперадзе яшчэ тры дні хады па гарах і ўсё жыццё!

04.07.2019

Дзень 10

Яснае надвор’е

Яснае надвор’е

Яснае надвор’е

Hjellaboen (125)  - г.Hesteggi (907) – p. Skogdola – Heggerusti – Vika-Strondl – Vikalandet(10)

Пройдзеная адлегласць
11,9 км*1,2=14,28 км

Набор вышыні +934 м
Скід вышыні -1175 м

Працягласць хадавога дня
9 гадзін 18 хвілін

Трэк, перапад вышынь  і хуткасць руху па маршруце дзесятага хадавога дня на мапе Google Earth (блакітная лінія)

Трэк дзесятага хадавога дня на тапаграфічнай мапе (чырвоная лінія)

    Раніца выдалася на дзіва! Прачнуліся ў сасновым лесе, побач шумела чысцюткая горная рачулка. Хуценька прыгатавалі сняданак.  Сабралі падсохшыя намёты, спусціліся на дарогу і рушылі наверх. На хуткім часе пасыпаная адсевам дарога павінна была пераўтварыцца ў сцяжыну, якая вядзе да вяршыні гары Hesteggi (907). Далей сцяжыны не было. З вяршыні гары вяртаюцца тым жа шляхам, што і паднімаюцца. Але мы не навічкі ў турызме і не шукаем лёгкіх дарог у жыцці. Таму, уважліва разгледзеўшы мапу, вырашылі, што спускацца з гары будзем па яе супрацьлеглым схіле. Такім чынам мы б выходзілі проста на бераг фьёрда Barsnesfjorden і мелі б магчымасць правесці ноч на яго беразе. Аб тым, каб пакупацца ў фьёрдзе, злавіць у ім рыбёху і пераначаваць на яго беразе марыла ўся група з пачатку вандроўкі. Асабліва моцным гэта жаданне было ў Вольгі! Менавіта яно і прывяло нас у гэтыя паўночныя шыроты.

    Але, як звычайна, на шляху вандроўнікаў узнікае шмат перашкод. Першай перашкодай, якая прымусіла нас на 10 хвілін спыніцца, была сунічная паляна на адкосе дарогі. Прапусціць такую прыгажосць, ды яшчэ ў Нарвегіі, было б злачынствам!

    Застаючыся сам-насам чалавек часам доўга вагаецца, што яму рабіць у склаўшыхся абставінах. А тут шэсць чалавек! Саня адразу прапанаваў збіраць сунічкі ў баначку, якая, здаецца, заўсёды была з ім, а потым зварыць з іх кампот. Лена, як гэта звычайна робяць алкаголікі, калі ім у рукі трапіла бутэлька, прапанавала збіраць сунічкі ў рот. Прайшла Санева прапанова, што сведчыць аб высокім узроўні калектыўнай свядомасці ў групе!

Працяг. Дні 11-12  >>>>

<<<< Вярнуцца ў пачатак

<<<< Вярнуцца ў дні 3-7


Прайс-лист
© "ООО Белинтерспас", 2010 - 2020
info@turlan.by
Позвонить +375 (29) 771 22 20
Полная версия
Download vCard