Снаряжение для слётов и лагерей  |  Палатки  |  Тенты  |  Рюкзаки  |  ВелоСнаряжение  |  Сумки для путешествий  |  Спальные мешки  |  Одежда  |  Термоноски  |  Снаряжение для сплава  |  Страховочное снаряжение  |  Продукция Petzl ®  |  Посуда  |  Лыжное  |  Фонари  |  Прочее
Категории  |  Новости  |  Статьи  |  Галерея  |  Прайс-лист  |  Где купить?  |  Контакты  |  Схема проезда

Турлан »  Паход па Нарвегіі-2019. Дні 11-12

Паход па Нарвегіі-2019. Дні 11-12

    На хуткім часе дарога сканала і пераўтварылася ў сцежку, якая дзе круцей, дзе больш палога, ўзбіралася на гару ў напрамку вяршыні. Час ад часу да нас даносіліся гукі званочкаў. Відаць, у лесе на схілах гары пасвіліся авечкі. Характар леса з наборам вышыні пачаў мяняцца. Цяпер навокал нас былі не сосны, як унізе падчас стаянкі, а крывыя, але яшчэ даволі тоўстыя бярозы і кусты ядлоўца. Вось ў такім бярозавым гайку спыніліся на адпачынак. Дзьмуў даволі халодны вецер, але і сонейка свяціла. Было вельмі прыгожа! Мы скінулі заплечнікі, дасталі свае кішэнкі, каб крышачку падсілкавацца, і, як заўсёды на прывалах, пачалі ажыўлена расказваць і абмяркоўваць розныя падзеі і жыццёвыя сітуацыі. Вельмі верагодна, што Наста зноў падставілась, і Саня з Дзядзькам давалі ёй чарговы ўрок жыццёвай мудрасці. Бедная Наста! Як яна ўсё гэта вытрымала!? Саня з Дзядзькам на працягу усяго пахода паводзлі сябе як драпежнікі, што сідзяць у засадзе і чакаюць, калі Наста скажа што-небудзь. Саня, як малады драпежнік, часцей выскокваў з засады і з найвышэйшым імпэтам выкладаў свае ўрокі жыцця. Яго прамовы можна было слухаць запоем! Ён гаварыў, як Цыцэрон! А прайшоўшы з Санем вандроўку, можна было стаць зусім іншым чалавекам, градусаў на 90 змяніўшы свой светапогляд. Але Насты гэта не тычылась.

    У самы разгар адпачынку на сцяжыне з’явіўся невялічкі статак авечак на чале з чорным бараном, на шыі якога стужкай быў замацаваны званочак. Статак зацікаўлена спыніўся. Прыкмет спалоханасці на тварах жывёлін не было, чыталася зацікаўленасць. Паважаючы турыстаў, правадыр са сваімі авечкамі збочыў са сцяжыны і пачаў абыходзіць нас, раз-пораз спыняючысь і пытліва пазіраючы ў наш бок. Паспрабавалі пачаставаць барана фінікам, але ён пагрэбаваў: відаць, горныя травы смачнеей. Увогулле, жывёлы паводзілі сябе з гонарам. Падумалася, што недарэчна байкапісцы наляпілі на іх  ярлык самых дурных жывёлін.

Авечы правадыр

    Лес скончыўся, пачалася паласа тундры: мох, лішайнікі, камяні. Некалькі разоў здавалася, што вось ужо і вяршыня, але калі ўздымаліся вышэй, атрымлівалась, што гэта чарговае выпаложванне. Вяршыню ўпрыгожвае вялікі турык, складзены з камянёў. Да турыка прымацавана традыцыйная скрыня з канцылярскай кнігай, у якой рэгіструюцца тыя, хто дасягнуў вяршыні гары.

Паштовая скрыня на гары Hostegen

    Кіраўнік узяў кнігу і, трымаючы ў падмёрзлых пальцах аловак, напісаў:

    Чаму менавіта ў такой паслядоўнасці напісаныя імёны ўдзельнікаў? Чаму не па алфавіце, напрыклад? Такое пытанне стаяла перад кіраўніком, калі ён браў у рукі аловак. І ён запісаў удзельнікаў у той паслядоўнасці, ў якой яны далучаліся да групы. У адпаведнасці з гэтым правілам першым трэба было пісаць прозвішча Вольгі, таму што ёй належыць ідэя пайсці менавіта ў Нарвегію.

    Але першым заўсёды пішуць прозвішча кіраўніка. Выбачай, Вольга! Табе прапаноўвалась быць кіраўніком – ты адмовілась.

    Пад’ём на гару атрымаўся вельмі прыгожым і цікавым. Прыгожымі і цікавымі былі і далягляды, што адкрываліся з вяршыні, уключаючы  блакітную стужку фьёрда. Паводаль бялелі заснежаныя схілы навакольных больш высокіх гор, што яшчэ раз пацвердзіла правільнасць рашэння змяніць маршрут апошняй часткі пахода.

На вяршыні гары Hostegen

    Быў абедзенны час. Закончыўшы  фотасесію на вяршыні гары, вырашылі паабедаць, знайшоўшы зацішак ад ветру. Абед заняў каля гадзіны, пасля чаго, яшчэ раз прыкінуўшы маршрут па мапе, рушылі на спуск да фьёрда па супрацьлеглым схіле гары. Пакуль ішлі па тундры і лесатундры, ўсё складалася цудоўна і весела. І нават калі увайшлі ў лес, спачатку не было падставы для сумневу. Але потым круцізна схіла стала павялічвацца, і стала відавочна, што трэба шукаць больш павольны спуск. Пайшлі па схіле траверсам у напрамку да ракі  Skogdola, і на хуткім часе патрапілі на вытаптаную авечкамі сцяжыну. Сцяжына перавяла нас праз тры ручаі, з якіх утвараецца рэчка. Часам сцежка разыходзілась. Па мапе выбіралі больш падыходзячы для нас напрамак, і ў выніку, ўжо добра выматаныя бадзяннямі  па даволі крутых схілах, на сыходзе дня выйшлі да Heggerusti. На мапе гэта месца адзначалася як адзінокая пабудова ў лесе на схіле гары. На мясцовасці гэта апынулася разваленым свіранам на невялічкай палогай палянцы. На мапе ад гэтага месца да берага фьёрда збягае сцяжына. Але мапам, нават Нарвежскім, не трэба надта верыць! Калі пачалі далейшы спуск, нібыта былі прыкметы сцяжыны. Потым яна недзе знікала ў непраходных зарасцях. Потым зноўку нібыта з’яўляліся яе прыкметы. Спуск быў крутым. Устойлівая  сцежка з’явілася пасля таго, як пераадолелі прыкладна палову адлегласці да берага фьёрда. І гэта сцежка прывяла нас  на прыватную тэрыторыю, адгароджаную ад берага фьёрда агароджай з калючага дроту і замкнутай на замок металічнай брамай. Паколькі праніклі сюды мы без запрашэння гаспадароў і ніхто нас дагэтуль не заўважыў, мы ціхенька пералезлі праз браму і апынуліся на дарозе, што ідзе ўздоўж узбярэжжа. Ну вось ён, такі доўгачаканы фьёрд! Застаецца толькі знайсці пляцоўку пад намёты. На пошукі пайшлі ў розных напрамках, і неўзабаве Вольга і Алена радасна сказалі, што знайшлі цудоўнае месца на самым беразе фьёрда ў паласе прыбоя. Аб такім месцы можна было толькі марыць!

Бадзянні па авечых сцежках

    На амаль гарызантальным роўненькім беражку з дробнай галькі паскідалі свае заплечнікі. Паверхня фьёрда была блакітная і спакойная, ветру амаль не было. Распрануліся і кінуліся ажыццяўляць сваю мару – купацца ў фьёрдзе.

Паверхня фьёрда была блакітная і спакойная

    Мы ведалі, што гэта не Маямі-біч, але і на тое, што вада будзе настолькі халоднай, таксама не разлічвалі. Куналіся і з крыкам выскоквалі назад. Тым не меньш, змылі пот і бруд, што збіралі дзесяць дзён вандроўкі. Папралі вопратку, якая патрэбна была да заканчэння вандроўкі, развесілі па галлі навіслых па-над берагам дрэў, і пачалі гатаваць вячэру. Саня варыў кампот з сунічак. За дзень бадзянняў па гарах ён здабыў яшчэ пару жменяў чарніц (а можа нават і галубіц), і цяпер расціраў ягады з цукрам і пяшчотна варыў на газавай гарэлцы. Мы ўжо каштавалі ў вандроўках Саніны кампоты з кізіла, з шыпшын, слівовы, яблычны, грушавы. Сунічны Саня варыў упершыню!

Кампот - традыцыйны пачастунак ад Сані ў вандроўцы

    Саня - вельмі суворы і патрабавальны да сяброў і ў яшчэ большай ступені да сябе чалавек. Пры гэтым за фасадам суворасці хаваецца тонка арганізаваная далікатная натура. У яго заўсёды ёсць жаданне зрабіць прыемнае сябрам, здзівіць, парадаваць іх у самых нечаканых абставінах. Пазапланавы сунічны кампот – падзея таго ж кшталту.

    Між тым нехта з дзяўчат заўважыў, што ўзровень вады ў фьрдзе падвышаецца. І ён пачынае наступаць на наш цудоўны беражок. Добра, што намёты не паспелі паставіць! Пачынаўся прыліў, і наш беражок схаваўся пад вадой. Прыйшлося перабірацца на іншае раней разведанае месца – на закінутую зарослую дарогу.

    Калі ўладкаваліся на начлег, вырашылі паспытаць рыбацкага шчася. Спачатку паласкалі блёсны, потым вырашылі павудзіць на вуду. У гурбе конскага гною, што прапагандуючыя экалагічную чысціню навакольнага асяроддзя нарвежцы выкінулі проста на бераг фьёрда, знайшлі дажджавога чарвя. Але ні блёсны, ні чарвяк нікога ў фьёрдзе не зацікавілі. Было адчуванне, што ніхто ў ім увогуле не жыве. У лагер вярталіся з ліхтарыкамі. - Дзе вы бачылі тыя белыя ночы?!

05.07.2019

Дзень 11

Сонечна

Сонечна

Сонечна

Vikalandet – Barsnes – Sogndal – Stedje – г.Stedjasen

Пройдзеная адлегласць
9,95 км*1,2=11,94 км

Набор вышыні +769 м
Скід вышыні -171 м

Працягласць хадавога дня
6 гадзін 20 хвілін

Трэк адзінаццатага хадавога дня на тапаграфічнай мапе (чырвоная лінія)

Трэк, перапад вышынь  і хуткасць руху па маршруце адзінаццатага хадавога дня на мапе Google Earth (блакітная лінія)

    Раніца выдалася сонечнай, наваколле выглядала святочна. Святочным быў і настрой.

Святочным быў і настрой

    Сёння нам выпала прайсціся па маляўнічым узбярэжжы фьёрда Barsnefjorden, па ажурным мосце над пралівам паміж Barsnefjorden і Sogndalfjora праз Sogndal выйсці да падножжа гары Stedjasen і ўзняцца на яе вяршыню. На нашым шляху па ўзбярэжжы фьёрда тройчы трапляліся даволі вялікія палогія пляцоўкі, прыдатныя для вядзення сельскай гаспадаркі. Там паўсюдна ляжалі завёрнутыя у белую  поліэтыленавую абалонку цыліндрычныя цюкі нарыхтаванага сена. Потым пайшлі ябланевыя сады. На падворках фермераў стаялі трактары, але “Беларусаў” сярод іх прыкмечана не было. Сонца свяціла так, што хацелася распрануцца, але, распрануўшысь, адразу адчуваеш, што вецер занадта халодны, і зноўку апранаешся.

    Ля дарогі спыніліся на прывал. Пасля бадзянняў па тундры пад дажджом і снегам вока так бавілі яскравыя насычаныя фарбы наваколля! Побач расла купінка сонечных кветак – рамонкаў. Лявон не такі ўжо і рамантык! Але і ён не ўтрымаўся, сарваў тры рамонкі і галантна паднёс кожнай з дзяўчынак па кветачцы. Дзяўчаты і так прыгажуні, а тут глядзіце, што атрымалась!

Дзяўчаты і так прыгажуні

    Па ажурным мосце ўвайшлі ў горад Sogndal. Мост вельмі прыгожы! Успомнілі, што ў нас скончыліся сухары, вырашылі набыць хлеба. Калі ўбачылі, што паўкіло хлеба каштуе 4 еўра, вырашылі, што сваё літоўскае сала з’ядзім з кашай, і пайшлі далей

Па ажурным мосце ўвайшлі ў горад Sogndal

    Выйшлі на ўскраек горада, сталі на сцяжыну, што вядзе на гару. Месца ўзвышаецца над горадам, і з яго адкрываецца цудоўная панарама. Спынілісь, каб зрабіць колькі фотаздымкаў. Кіраўнік крышачку затрымаўся, і група рушыла па сцяжыне наверх на чале з Пашкам. Даганяючы групу, Лявон адзначыў пра сябе, што група нейк вельмі хутка рухаецца наверх. Было прыемна ўсведамляць, што ўдзельнікі вандроўкі да канца захавалі столькі сіл. Але, як водзіцца, нядоўга музыка грала. Група пад началам Пашкі паднялася па вышыні не болей за 50 метраў і апынулася на паляне, пасярод якой стаяў імправізаваны драўляны чум – жытло продкаў нарвежцаў Але нам было не да нарвежскай этнаграфіі! Настасся стаяла, хапала ротам паветра і не магла ўхапіць яго. На твары быў намаляваны жах, з вачэй ручаём цеклі  слёзы. Пашка перастараўся, задаў занадта высокі тэмп! А Наста замест таго, каб ісці ў сваім тэмпе, імкнулася падтрымаць Пашкаў. Калі агульнымі намаганнямі атрымалася ўзнавіць дыханне  і крыху супакоіць Насту, высветлілася, што ад сонечнага выпраменьвання ў яе моцна пачырванелі рукі і баляць так, што немагчыма трывць. Прыйшлося ёй скарміць таблеткі ад алергіі з Аленінай асабістай аптэчкі і апрануць пальчаткі. Далей пры наяўнасці сонца Наста ішла ў пальчатках. А Пашку памахалі пальцам: “Ну-ну-ну!” – і прыпомнілі, што гэта ўжо рэцыдыў: у Карпатах аналагічным чынам ён давёў да нервовага зрыву Ганну Сяргееўну.

    Зайсці ўсярэдзіну імправізаванага чума не атрымалася – ён быў зачынены на замок. Задаволіліся зазіраннем у шчыліны. Падчас адпачынку пафатаграфаваліся на фоне панарамы горада Sogndal. Гарадок прыемны ва ўсіх адносінах: чысты, акуратны, прыгожы. Паколькі прыпынак зацягнуўся, вырашылі сумясціць яго з абедам

На фоне цудоўнага горада Sogndal

    Пад’ём на гару быў прыгожы, нескладаны, хаця месцамі і крутаваты. Выбралі варыянт сцяжыны, што праходзіць праз назіральную пляцоўку, з акой адкрываюцца далягляды на фьёрд Sogndalfjora. Тут можна было б сідзець гадзінамі! Ну, вельмі прыгожа! Пафоткалі краявіды, зрабілі аватаркі, паелі кішэнкі, распавялі нейкія байкі з свайго жыцця…

Так выглядае самы вялікі ў Еўропе (другі ў свеце) фьёрд Согне-фьёрд 

    А фьёрд, між тым, самы вялікі і самы глыбокі ў Еўропе. Да мора па фьёрдзе адсюль амаль 200 км! Кажуць, што менавіта на злучэнні фьёрда з морам цудоўна вудзіцца рыба. Пацвердзіць гэтага не можам, але можам сведчыць, што менавіта тут рыбы няма!

    Дзень ішоў да скону, трэба было ўзняцца на вяршыню і шукаць прытулак на начлег.  На вяршыні, як водзіцца, вісела скрыня з канцылярскай кнігай, дзе мы з задавальненнем пакінулі свой след. Пляцоўку пад намёты знайшлі непадалёк ад вяршыні на ўскрайку верхавога балота. Паўстала праблема пошукаў вады.  Пасярэдзіне балота было акенца з вадой, але да яго не дайсці – топка. Шукалі доўга, хвілін сорак. У выніаку карысталіся вадой, што па невялічкай пратоцы сцякала з балота.Сёння была вячэра-сюрпрыз ад Лявона: пюрэ з бульбы са сметанковым маслам з кавалачкам смачнага мяска. На трэцяе – баначка з мёдам. Пасля вячэры Вольга, Лена, Саня і Пашка зноў пабеглі на абзорную пляцоўку любавацца фьёрдам на захадзе сонца. Вярнуліся не хутка – спяшацца болей няма куды, а відовішча сапраўды рэдкае.

06.07.2019

Дзень 12

Яснае надвор’е

Яснае надвор’е

Яснае надвор’е

г.Stedjasen – Stedje - Sogndal

Пройдзеная адлегласць
3,58 км*1,2= 4,3 км

Набор вышыні +23.8 м
Скід вышыні -614 м

Працягласць хадавога дня
1 гадзіна 32 хвіліны

Трэк адзінаццатага хадавога дня на тапаграфічнай мапе (чырвоная лінія)

Трэк, перапад вышынь  і хуткасць руху па маршруце дванаццатага хадавога дня на мапе Google Earth (блакітная лінія)

    Прачынацца не спяшаліся. План на сённяшні дзень – злезці з гары ў горад Согндал, спыніцца па магчымасці на беразе Согнэ-фьёрда, прайсціся па горадзе, па крамах, дачакацца вячэрняга аўтобуса да аэрапорта Осла. Спуск заняў паўтары гадзіны. Знайшлі цудоўны лужок на беразе фьёрда, прасушылі намёты, паабедалі і па чарзе выйшлі пазнаёміцца з горадам.

    Гарадок невялічкі, але вельмі акуратны і чысты. Нягледзячы на не вельмі цёплае надвор’е, дзеткі бегаюць у шортах і майках. Пясочніцы на дзіцячых пляцоўкаах запоўненыя меленькімі каменьчыкамі: а дзе ж ты возьмеш той пясок? З іншага боку, навошта тады тыя каменьчыкі? Што за палац ты з іх пабудуеш? Маючы столькі нафтадаляраў можна было б і падвезці дзеткам пару самазвалаў пясочку!

    Траплялася многа шматдзетных сем’яў. Сярод іх нечакана часта арабы і чорныя.

    Цэны ў крамах несур’ёзна высокія, але мы знайшлі і набылі хлеб за 2,5 еўра на вячэру.

    Спрабавалі яшчэ раз лавіць рыбу на спінінг – безвынікова. Вольга папрасіла павучыцца кідаць спінінг – з першага закіда зачэп. Лявону міжволі прыйшлося купацца ў фьёрдзе, але блясну выратаваў!

    Пашка ў бясплатнай асобна стаячай грамадскай прыбіральні на беразе фьёрда знайшоў  гарачую ваду, і мы па чарзе хадзілі туды мыць галаву.

    Як бачна па апісанні, апошні дзень вандроўкі сам па сабе сумны, таму што ўсе адчувалі заканчэнне яшчэ адной эпапеі, чагосьці вялікага і вельмі каштоўнага, чагосьці, што ніколі ўжо не паўторыцца, што застанецца яскравай плямай у памяці кожнага ўдзельніка пахода. Увечары будзе аўтобус да Осла, раніцой – самалёт да Вільні, а потым – шлях на Радзіму на аўтамабілі. У дарозе сумаваць некалі! А пакуль наша цудоўная дружная каманда развітвалася з Нарвегіяй…

 

Аўтар:  Мацукевіч Л.У.

 

<<<< Вярнуцца ў пачатак

<<<< Вярнуцца ў дні 3-7

<<<< Вярнуцца ў дні 8-10

 

 

 


Прайс-лист
© "ООО Белинтерспас", 2010 - 2020
info@turlan.by
Позвонить +375 (29) 771 22 20
Полная версия
Download vCard