СПРАВАЗДАЧА
аб праходжанні пешаходнага спартыўнага турысцкага пахода
другой катэгорыі складанасці па Нарвегіі,
здейсненым турысцкай групай г. Мінска
з 24.06.2019 г. па 07.07.2019 г.
па маршруце:
Gjendesheim - воз. Bessvatnet) - г. Bessegen - воз. Bjornboltjonne - воз. Russvatnet - пер. Vestre - Glitterheim - воз. Nedre Steinbuvatnet - воз. Ovre Steinbuvatnet - пер. Storglupen - г. Skutcampan - Spitterstulen - д.р. Bukkeholsbekken - воз. Panna - воз. Troget - Leirvassbu - Storutladalen - воз. Graudaisdammen - Skogadalsboen - Fleskenoshaugane - Vettismorki - вдп. Vettisfossen - Vetti Gard - р. Kolhaugsbekken - г. Gravdalsnosi - Gravdalen - Varstolen - Av-dalen Hagaberg - д.р. Utla - вдп. Hjelefossen - Ovre Ardal - Fodnes - Mannheller - Hjellaboen - г.Hesteggi - p. Skogdola - Heggerusti - Skoddelnete - Sogndal - г.Stedjasen - Sogndal
Геаграфічны раён пахода: Скандынаўскі паўвостраў, Нарвегія, запаведнік Ётунхэймен (Jotunheimen) і прыродаахоўная зона Утладален
Від турызма
|
Катэгорыя складанасці похода
|
Даўжыня актыўнай часткі пахода, км |
Набор вышыні за паход, м |
Працягласць, дзён |
Тэрміны правядзення |
||
Агульная |
Актыўнай часткі |
||||||
пешаходны |
другая |
184,2 |
7 935 |
14 |
12 |
24.06-07.07.2019 |
Нітка маршрута:
Gjendesheim (984) - воз. Bessvatnet (1373) - г. Bessegen (1638) - воз. Bjornboltjonne (1475) - воз. Russvatnet (1175) - пер. Vestre (1685) - Glitterheim (1374) - воз. Nedre Steinbuvatnet (1501) - воз. Ovre Steinbuvatnet (1503) - пер. Storglupen (1841) - г. Skutcampan (1443) - Spitterstulen (1104) - д.р. Bukkeholsbekken - воз. Panna (1460) - воз. Troget (1446) - Leirvass-bu (1401) - Storutladalen - воз. Graudaisdammen (1200-1205) - Skogadalsboen (831) - Fleskenoshaugane (887) - Vettismorki - вдп. Vettisfossen - Vetti Gard (360) - р. Kolhaugs-bekken - г. Gravdalsnosi (1260) - Gravdalen (875) - Varstolen (434) - Avdalen Hagaberg (380) - д.р. Utla - вдп. Hjelefossen - Ovre Ardal - Fodnes - Mannheller - Hjellaboen (180) - г. Hesteggi (907) - p. Skogdola - Heggerusti (425) - Skoddelnete - Sogndal - г. Stedjasen (625) - Sogndal
Перашкоды, якія вызначаюць складанасць маршрута
Від перашкоды |
Катэгорыя цяжкасці |
Характарыстыка перашкоды (характар, вышыня, навізна, найменне і г.д.) |
Шлях праходжання (для лакальных перашкод) |
Вяршыня |
н/к |
гара Bessegen (1743) |
З боку Gjendesheim |
Вяршыня |
н/к |
гара Bendet (1471) |
З боку гары Bessegen |
Перавал |
н/к |
пер. Vestre (1685) |
З боку воз. Russvatnet |
Перавал |
н/к |
пер. Storglupen (1841) |
З боку воз. Ovre Steinbuvatnet |
Вяршыня |
н/к |
гара Skutcampan (1443) |
З боку воз. Leirtjonne |
Вяршыня |
н/к |
гара Gravdalsnosi (1260) |
З боку д.р. Slufsedola |
Вяршыня |
н/к |
гара Hesteggi (907) |
З боку Hjellaboen Alsberg |
Вяршыня |
н/к |
гара Stedjasen (625) |
З боку Stedje |
Актыўная частка паходу пачалася 25 чэрвеня і скончылася 6 ліпеня 2019 г.
Працягласць актыўнай часткі маршруту складае 153,5 км х1,2=184,2 км
Набор вышыні за паход склаў 7935 м
Скід вышыні за паход склаў 8 873 м
Склад групы:
№ п/п |
Прозвішча, імя, імя па бацьку |
Год нараджэн-ня |
Турысцкі вопыт |
Абавязкі ў групе |
Фота ўдзельнікаў |
1. |
Мацукевіч Леанід Уладзіміравіч |
1959 |
3К пешаходны паход па Центральным Каўказе 4К, 5У лыжны паход па Хібінскіх і Лавазёрскіх тундрах КМС па спартыўным турызме |
Кіраўнік, фатограф |
|
2. |
Міцкевіч Вольга Мікалаеўна |
1989 |
3У, пешаходны паход па Центральным Каўказе |
Кіналетапісец Штурман |
|
3. |
Флёрык Настасся Мікалаеўна |
1994 |
3У, пешаходны паход па Цэнтральным Каўказе |
Санінструктар |
|
4. |
Скамарохава Алена Гtнадзеўна |
1998 |
2У, пешаходны паход па Гімалаях |
Загадчык гас-падаркай |
|
5. |
Швед Аляксандр Уладзіміравіч |
1992 |
4У, лыжны паход па Прыпалярным Урале |
Дыетолаг |
|
6 | Ражко Павел Аляксандравіч | 1988 | 3У, горны паход па Ўсходнім Каўказе | Штурман Здабытчык |
Кароткая характарыстыка раёна, у якім праходзіў паход
Тое, што Нарвегія - няпростая краіна са складаным характарам, робіцца зразумела яшчэ з вакна самалёта. Але калі трапіш у самае сэрца дзяржавы, прыходзіць усведамленне таго, што ўсе цяжкасці каштавалі той казачнай прыгажосці, якая адкрыецца вашаму позірку: дзіўныя выгляды на ледавікі, горныя азёры і снежныя вяршыні. Ў самым сэрцы паўднёвай часткі Нарвегіі распасціраецца Jotunheimen nasjonal park - нацыянальны парк Ётунхеймен. Карані яго назвы ідуць у далёкае мінулае германска-скандынаўскай міфалогіі і даслоўна Jotunheimen перакладаецца як “Зямля, населеная Волатамі”. Такі тытул цалкам апраўданы: пляц парка складае 1150 квадратных кіламетраў, на якія даводзіцца 250 вяршынь вышынёй ад 1900 метраў. Горы Ётунхеймен, яны ж Ютунхеймен — адмысловы «дах» Нарвегіі. Тутака ж знаходзіцца найвышэйшая кропка ўсёй Скандынавіі - гара Гальхёпіген (2469 м) і самы вялікі вадаспад - Вецісфосэн (вышыня падання вады - 275 м). Геалагічна пласкагор'е Ётунхеймен было складзена ў дакембрыі. Тэрыторыя парка падзелена паміж губернямі (фюлькэ) Согн-ог-Ф'юране і Оплан. Да парка прылягае прыродаахоўная зона Утладален.
На тэрыторыі парка сустракаюцца такія сысуны як воўк, алень, расамаха і рысь. Амаль ува ўсіх азёрах і рэках вядзецца стронга.
У 1869 годзе Нарвежскае грамадства турыстаў (DNT) адкрыла першую халупу на пласкагор'і Ётунхеймен. А ў наш час нацыянальны парк Ётунхеймен — адна з найболей папулярных турыстычных абласцей у Еўропе. Па возеры Гьенде ходзіць цеплаход, а праз парк (ва ўсходняй яго частцы) праходзіць аўтамабільная дарога. Са снежня 1980 года тэрыторыя атрымала статус нацыянальнага парка і з тае пары папулярнасць “Краю Веліканаў” з кожным годам расце ўсё больш. Шматлікія вадаспады, горныя рэкі і азёры, ледавікі і шматкаляровыя даліны служаць галоўным козырам у канкурэнцыі з іншымі дзікімі паркамі ўсёй Еўропы. І, на думку многіх турыстаў, Ётунхеймен заслужана займае ў гэтым рэйтынгу топавую пазіцыю.
Першае, што адкрыецца позірку - падобнае на фіёрд возера Гьенде (Gjende), даўжыня якога складае цэлых 25 кіламетраў.
Наступнае возера - Русватнет (Russvatnet) - не менш маляўнічае за кошт яркага колеру вады і атачальнай яго зеляніны.
Далей будуць суворыя нарвежскія краявіды, перавалы, каменныя сцежкі, паўночныя алені, вялікія плато, мноства крыніц і азёр. Сцежка няпростая.
Ад прытулку Спіттерстулен, дзе ёсць магчымасць зарадзіць тэлефон і скарыстацца Wi-Fi, пачынаецца ўзыходжанне на найвысокую вяршыню Нарвегіі - Гальхёпіген (2469).
Вельмі прыгожы профіль гары Кірк’я адлюстраваецца ў водах возера Леірвастнет.
Калі ў вас за плячыма велізарны заплечнік, на нагах напалову стаптаныя горныя чаравікі, калі галаву круціць чыстае паветра, а навакольны выгляд раз-пораз захапляе, калі вам уласцівы дух авантурызму, а душа даўно прагне прыгод, то, пераадолеўшы шматлікія перавалы з горнымі рэкамі і азёрамі, вы ўбачыце адзін з самых высокіх вадаспадаў Еўропы - Вецісфосэн. Тоны вады кожнае імгненне абвальваюцца тут з 275-мятровай вышыні і пераўтвараюцца ў воблака вадзяных кропелек. Чароўнае гледзішча! Па ходзе турыстычных маршрутаў час ад часу сустракаюцца прытулкі.
Пад’езд да месца, з якога пачынаецца актыўная частка маршрута
Актыўная частка маршрута пачыналася ў мястэчка Gjendesheim, якое знаходзіцца ў 350 км на паўночны захад ад сталіцы Нарвегіі Осла. Дабірацца туды з Менска не проста. Зыходзячы з таго, што вандроўкі нашай каманды звычайна носяць яскрава вызначаны бюджэтны характар ( як выказалася Вольга, “бомжпаходы”), найбольш рацыянальным чынам можна было дабрацца, даехеўшы аўтобусам да Вільні, адтуль самалётам да Осла і аўтобусам да мястэчка Gjendesheim. Дзякуючы таму, што лагістыка была добра прапрацавана, уся дарога заняла крыху болей за 20 гадзін. Усе квіткі (акрамя квіткоў на цягнік з аэрапорта ў Осла) былі набытыя загадзя. Гэта таксама вельмі садзейнічала мінімізацыі кошта трансфера. Увесь трансфер для асноўнай часткі групы каштаваў каля 200 еўра. Паша набываў квіткі ў апошні момант, таму дарога абышласы яму амаль удвая даражэй.
Квіток на цягнік ад аэрапорта да Осла каштуе 100 крон (10 еўра). Набываецца ён у аўтаматах непасрэдна ў будынку аэрапорта. А каб патрапіць на платформу, з якой адыходзіць цягнік, дастаткова спусціцца на эскалатары. Аўтавакзал, з якога адыходзяць аўтобусы да Gjendesheim, знаходзіцца побач з цэнтральным чыгуначным вакзалам, куды і прыбывае цягнік з аэрапорта. Расклад руху час ад часу мяняецца, таму яго трэба ўдакладняць падчас планавання вандроўкі.
Месцы аврыйнага сыходу з маршруту:
1. Да возера Russvatnet – вяртанне ў мястэчка Gjendesheim.
2. Пасля возера Russvatnet – выхад да прытулка Glitterheim.
3. Паміж прытулкамі Glitterheim і Spitterstulen выхад да бліжэйшага.
4. Ад прытулка Spitterstulen да р. Skogadal – вяртанне ў прытулак Spitterstulen.
5. Ад р.Skogadal да прытулка Vetti Gard – выхад да прытулка Vetti Gard.
6. На этапе паміж прытулкамі Vetti Gard і Stosmarac – выхад да бліжэйшага.
7. Паміж прытулкамі Stosmarac і Avdalen Hagaberg – выхад да бліжэйшага.
8. На астатняй частцы маршрута – выхад у г. Sogndal.
Аглядная карта рэгіёну, у якім праходзіў паход.
Карта складаецца з двух частак
Карта маршрута. Частка 1. Нітка маршрута адзначана лініяй сіняга колеру
Карта маршрута. Частка 2. Нітка маршрута адзначана лініяй сіняга і фіялетавага колеру
Праходжанне маршруту
25.06.2019 |
Дзень 1 |
||
|
Моцны вецер, воблачна |
Туман, дробны дождж |
|
Прытулак Gjendesheim – воз. Bessvatnet |
|||
Пройдзеная адлегласць |
Набор вышыні +540 м Скід вышыні -162 м |
Працягласць хадавога дня |
Трэк першага хадавога дня на тапаграфічнай мапе
Трэк (блакітная лінія), перапад вышынь і хуткасць руху па маршруце першага хадавога дня на мапе Google Earth
25.06.2019 у пачатку на дзесятую раніцы група прыехала з аэрапорта на чыгуначны вакзал Осла і па GPS-навігатары даволі хутка выйшла на аўтавакзал да платформы, з якой у 10.25 павінен быў адпраўляцца аўтобус да Gjendesheim. Перад намі стаяла задача да адпраўлення аўтобуса набыць газ для гарэлак, таму што разводзіць вогнішчы ў нацыянальным парку забаронена не толькі ў Нарвегіі, але нават і ў Беларусі. Для вырашэння гэтага пытання былі вылучаны Лявон і Пашка. Часу было вельмі мала! Канешне, праз інтэрнэт пытанне набыцця газу прапрацоўвалі яшчэ ў Менску. Вызначылі бліжэйшыя крамы, ў якіх павінен быць газ, вызначылі кошт. Па нашай інфармацыі балон ёмістасцю 500 г павінен быў каштаваць каля 6 еўра. Праблемай было тое, што крамы адчыняюцца а дзесятай гадзіне, а аўтобусы ходзяць дакладна па раскладзе, і ніхто нікога чакаць не будзе. У выніку роспыту мясцовага насельніцтва і бегатні ў наваколлі вакзала знайшлі чатыры крамы. У самай таннай з іх набылі чатыры балоны па кошце 12 еўра(!!!) за балон. Аддалі без малога 50 (!!!) еўра.
Пакуль бегалі, Пашка папрасіў сфатаграфаваць яго з тае нагоды, што калі зараз не сфатаграфуемся, то не будзе ніводнага здымка з Осла.
Вось ён, адзіны здымак з Осла!
Каманда з вялікай нецярплівасцю чакала нас. На аўтобус паспелі! Аўтобус камфортны, абсталяваны Wi-Fi, прыстасаваннямі для падзарадкі тэлефонаў. Падчас руху назіралі нязвыклыя краявіды, рабілі такія-сякія высновы аб заможнасці насельніцтва, іх занятках, эканоміцы края. Крыху паспалі, таму што ноччу паспаць амаль не давялося. У 15.30 група сышла з аўтобуса ля прытулку Gjendesheim на вышыні 984 м над ўзроўнем мора.
Прытулак - гэта аднапавярховы драўляны будынак, дах якога пакрыты зялёным дзёрнам таўшчынёй 15-20 см. Калі вы ўявілі сабе нешта накшталт карпацкай калыбы або ўральскага балка, то вы моцна памылілісь! Тут няма нараў уздоўж сцен, земляной падлогі, бруду і воні! Прытулак па-нарвежску – гэта добра дагледжаная гаспадарка, разлічаная на патрэбы цывілізаванага турыста, які з заплечнічкам 3-5 кг ходзіць па гарах ад прытулка да прытулка. Прытулак прызначаны задаволіць патрэбы гэтага турыста – даць яму начлег, пакарміць, забяспечыць сувяззю, прапанаваць рэчы першай неабходнасці. Таму ў прытулку абавязкова ёсць невялічкі атэль, кафэ ці рэстарацыя, крама.
Паша і Саня ля прытулку Gjendesheim
Мы не з’яўляліся цывілізаванымі турыстамі (ў еўрапейскім уяўленні). Вандроўка спартыўная. Усё неабходнае для дванаццацідзённага аўтаномнага знаходжання ў гарах мы неслі з сабой. А несці было што! Усё, што можна было правезці праз мяжу ў Еўразвязак, мы набывалі і фасавалі ў Менску. Мясныя і малочныя прадукты прыйшлося набываць у Вільні. Нечакана для нас высветлілася, што выбар мясных і малочных прадуктаў у Менску значна большы, якасць вышэй, а кошты дэмакратычней, чымсьці ў “Акропалісе” ў Вільні.
Група ў поўным складзе сабралася толькі ў аэрапорце Вільні, і галоўнай задачай было разасяродзіць прыпасы і рыштунак такім чынам, каб вага багажа і памеры ручной покладзі не перавышалі дазволенага. А непасрэдна перад выхадам на маршрут трэба было ўсё пераразмеркаваць па заплечніках у адпаведнасці з магчымасцямі ўдзельнікаў вандроўкі.
Адразу пасля выхаду з аўтобуса ля прытулка Gjendesheim група актыўна занялася пераразмеркаваннем. Занятак гэты заўсёды няпросты і займае звычайна шмат часу нават у больш камфортных умовах. Тым не меней, нягледзячы на вецер і маючы пачацца дожджык справіліся хутка. У выніку заплечнікі мужчынскай часткі групы атрымаліся вагой 34-35 кг, жаночай – каля 24 кг. На стале пад адкрытым небам паабедалі і па сцяжыне, якая пачыналася тут жа, ля прытулка, рушылі наверх.
Злева, перпендыкулярна напрамку нашага руху, доўгім блакітным рукавом працягнулася возера Gjende. Беларусь – сінявокая, але такіх блакітных азёр у нас я не бачыў. І калі час ад часу аблокі над возерам разыходзілісь, яно станавілася такім яскравым, што падавалася, што яно выпраменьвае блакіт!
Сцяжына на пад’ёме ад прытулка была выкладзена плоскімі камянямі, якія адыгрывалі ролю прыступак. Ісці было вельмі прыемна, і позірк раз-пораз звяртаўся да возера, якое, як каштоўны камень, аздабляла шэры малюнак наваколля. Вось з супрацьлеглага боку возера стала набліжацца кропелька, якая на хуткім часе апынулася кацерам. Час ад часу кацер бярэ на борт турыстаў і адвозіць іх у супрацьлеглы бок возера да прытулка Memurubu, які між сабою мы празвалі Малібу. Там турысты высаджваюцца і пешшу вяртаюцца назад па хрыбтах паўночнага берага возера, адкуль адкрываюцца чароўныя далягляды.
Алена і кацер на возеры Gjende
Прыкладна праз кіламетр пад’ёма мы апынуліся на пляцовачцы, дзе стаяла імправізаваная канторка з прымацаванай да яе вельмі прыгожай і якаснай скрыняй, у якую турыстам прапаноўвалі пакласці анкету з адказамі на пытанні адносна таго, ці спадабалася ім вандраваць па гэтай мясцовасці, і якое б яшчэ абсталяванне яны хацелі бачыць падчас вандроўкі. Нягледзячы на тое, што мы толькі што сталі на сцяжыну і ўвогуле нічога яшчэ не ведалі пра яе, Паша па-англійску (ён нейкі час студэнтам працаваў у ЗША), а Наста на-нямецку (яна зараз навучаецца і працуе ў Нямеччыне) пачалі адзначаць свае пажаданні. Не буду выдаваць усе тайны, але ад біяпрыбірален на турысцкіх сцежках Пашка адмовіўся. Заадно правялі невялічкую фотасесію на фоне возера.
Пашка адмаўляецца ад прыбірален у гарах!
Неўзабаве сцяжына вывела нас да снегавіка з вельмі зручным для катання на поліэтыленавым мяху ўхілам. Гэта потым мы наглядзімся снегавікоў, находзімся па іх, а зараз трэба было атрымаць асалоду! Вельмі дзіўна, але на снегавіку не было прыкмет таго, што яшчэ хтосьці катаўся па ім. Тым лепш, будзем піянерамі гэтага віда спорту ў Нарвегіі!! Па чарзе парамі пачалі коўзацца, імкнучыся сваечасова затармазіць і не патрапіць у вялізную лужыну, што ўнізе снегавіка прагла паглынуць нас.
Горы – гэта заўсёды прыгожа!
Так, між дзіцячымі забавамі і не заўважылі, дзе сцяжына разышлася. Праз нейкі час высветлілася, што з запланаванага маршруту мы збочылі. Але, прааналізаваўны абстаноўку, вырашылі, што начаваць нам лепш на беразе возера, чымсьці на хрыбце, і працягнулі ісці па сцяжыне да возера Russavaten. На хуткім часе на даволі вялікай адлегласці заўважылі статак паўночных аленяў, што мірна пасвіліся ў гарах. Свойскія гэта былі алені, ці дзікія, мы не зразумелі. Зрабілі колькі здымкаў здалёк, пакуль яны не зніклі. Як і ў родных мясцінах, побач з худобай заўсёды ёсць заедзь. Алені зніклі, а заедзь засталася з намі. І гэтыя раі ці то мух, ці то мошак пачалі надакучаць нам: лезці ў вочы, рот-нос. Яны не кусаліся, але іх колькасць і настойлівасць псавалі рэчаіснасць.
Мы бачылі статак паўночных аленяў!
На беразе возе-ра за ручаём віднелася невялічкая драўляная пабудова. Мы, начытаўшыся пра нарвежскія прытулкі без абслугоўваючага персанала, дзе можна пераначаваць і нават набыць тое-сёе, дабраахвотна паклаўшы грошы ў сейф і зрабіўшы адпаведны запіс у кніге ўліку, вырашылі хоць паглядзець, што гэта такое. Аднак нас чакала расчараванне. Пабудова была невялічкая па памерах і замкнутая на амбарны замок. Так быў зруйнаваны наш першы міф аб Нарвегіі як аб краіне, дзе ўсе дзверы адчыненыя і дзе давер адзін да аднаго – норма жыцця. Узрушаныя гэтым адкрыццём, мы пачалі шукаць месца пад намёты: пара было станавіцца на начлег. Канешне, ў Нарвегіі панавалі белыя ночы, але вячэру і адпачынак ніхто не адмяняў. Намёты паставілі яшчэ на сухі бераг возера, а вось вячэру гатавалі пад мелка-дробненькім дожджыкам, абараніўшы гарэлку ад ветру шклотканінай і турыстычным дыванком. Парывы ветру з возера крыху здувалі заедзь. Чэрпаючы з міскі цёплую духмяную кашу, аглядаліся навокал. Ля ног плёскалася крыштальнай чысціні азёрная вада. Да самых берагоў падступалі языкі снегавікоў. Па ўсім адчувалася, што ў возеры ніхто не жыве.
Клаліся спаць даволі позна. Але ў намётах было светла – белыя ночы. Тут жа да Палярнага кола рукой падаць!
Да самай вады дапаўзалі языкі снегавікоў
26.06.2018. |
Дзень 2 |
||
Пераменная воблачнасць |
Пераменная воблачнасць |
Пахмурна |
|
воз. Bessvatnet – гара Veslfjellet – хрыбет Bessegen - воз. Bjornboltjonne - воз. Russvatnet |
|||
Пройдзеная адлегласць |
Набор вышыні +842м |
Працягласць хадавога дня |
Трэк другога хадавога дня на тапаграфічнай мапе
Трэк, перапад вышынь і хуткасць руху па маршруце другога хадавога дня на мапе Google Earth (блакітная лінія
Улічваючы папярэднія бяссонныя ночы і стомленасць з дарогі, прачнуліся каля 8.00. Прыгатавалі сняданак, фізорг правёў першую ўстановачную зарадку. Фізорг – чалавек, які дасканала ставіцца да сваіх абавязкаў. Тым болей, здаровы лад жыцця, узаемасувязь органаў і сістэм арганізма – сфера яго падвышанай зацікаўленасці. У сукупнасці з жаданнем бачыць сваіх сяброў здаровымі і шчаслівымі ўсе гэтыя фактары вызначылі неабходнасць тлумачэння значэння кожнага практыкавання, кантролю якасці і карэкцыі выканання практыкавання ўдзельнікамі пахода. Калі б у паўсядзённым жыцці мы так старана рабілі ранішнюю зарадку, даўно хадзілі б апалонамі, як сам Саня.
Ранак, між тым, быў не вельмі ветлівым: халодны вецер, туманная імжа. Мушкі-мошкі зніклі. Пасля чэрвеньскай спякоты на радзіме было яшчэ вельмі нязвыкла назіраць языкі снежнікаў, па паўночным склоне дапаўзаючых да возера.
Ад захаплення займала дух!
Паснедалі, хуценька сабраліся і ў 9.45 ланцужком пацягнуліся на сцяжыну, траверсам вядучую на хрыбет Bessegen. Кіламетры праз паўтары арганізмы прагрэліся, прыйшлося пазбаўляцца ад лішняй вопраткі. Тым болей, што праз аблокі ўсё часцей пачало выглядваць сонейка. Узняўшысь на хрыбет, прыпынілісь на адпачынак, і з захапленнем аглядалі навакольныя краявіды. Хрыбет Bessegen пануе над мясцовасцю, таму можна было бачыць адразу некалькі азёраў, якія мелі кожны сваё адценне блакіта, адлюстроўвалі ў сабе аблокі і глыбіню паўночнага неба. На фоне гэтай прыгажосці правяли фотасесію.
Хрыбет Bessegen пануе над мясцовасцю, таму можна было бачыць адразу некалькі азёраў
Унізе з’явіліся малюсенькія постаці людзей, якія лезлі па вяршыні хрыбта ад перамычкі паміж азёрамі Bessvatnet і Gjende насустрач нам. Мы зразумелі, што ў Memurubu кацерам завезлі чарговую групу турыстаў-легкаходаў, і яны вяртаюцца ў Gjendesheim. Склад турыстаў быў розны, але пераважна гэта былі ўжо сталыя лёгка апранутыя людзі ў цудоўнай фізічнай форме з маленькімі заплечнічкамі за плячыма. Была і экзотыка: мадам па гарах несла на руках сабачку (там, дзе тая самастойна не магла лезці).Чым бліжэй да перамычкі паміж азёрамі мы набліжаліся, тым больш вузкай станавілась вяршыня хрыбта, тым больш крутым станавіўся ўхіл і тым больш адвеснымі схілы хрыбта. Тым, хто ішоў знізу ўверх было крыху прасцей. А нам з ёмкімі заплечнікамі месцамі спускацца было проста небяспечна. Па ўсіх канонах тут трэба было б пракінуць парэнчы і ісці ў страховачных сістэмах. Але, распрацоўваючы маршрут, мы не планавалі сустрэць на сваім шляху катэгарыраваных перашкод.А гэта сцяжына паміж Memurubu і Gjendesheim увогуле рэкламуецца як трэк для сярэдне фізічна падрыхтаваных людзей. Рэклама-рэкламай, але падчас спуска раз-пораз даводзілася дапамагаць і падстрахоўваць адзін аднаго. Складанасць праходжання адрэзка сцяжыны на сыходзе з хрыбта Bessegen да перамычкі паміж азёрамі Bessvatnet і Gjende адпавядае катэгоры 2А. Аглядаючы з вышыні наваколле, на паверхні возера Bessvatnet заўважылі вялікую белую пляму. Пачалі абмяркоўваць, чым бы гэта магло быць? Нехта з дзяўчынак выказаў меркаванне, што гэта вялікі кавалак пенапласта. На што Саня саркастычна запытаўся: –Пенапласт на паверхні возера ў Нарвегіі?!
Па ўсіх канонах тут трэба было б пракінуць парэнчы
Паспяхова пераадолеўшы спуск, на перамычцы паміж азёрамі спыніліся на абед. Па паверхні возера плавала бялюткая глыба снега. Паабедалі. Саня сабраў усё смецце, што засталося пасля абеда, і сказаў: – Я буду насіць смецце!
На працягу ўсяго пахода ён не дазволіў ні аднаму кавалачку смецця застацца ў гарах, ні кавалачка смецця не было спалена.
Абмінуўшы гару з ледавіком Besshobrean, павярнулі на поўнач і дайшлі да возера Russvatnet, на беразе якога вырашылі спыніцца на нач. Заставалася малое – знайсці месца для ўсталявання намётаў. На адлегласці меней за кіламетр за ракой былі бачныя дзве прыземістыя драўляныя пабудовы. А можа гэта прытулак? У разведку паслалі Саню. Пасля таго, як ён знік з вачэй і вельмі доўга не аб’яўляўся, сам па сабе ў самавольную разведку, цішком адышоўшы ад групы, падаўся Пашка. Высветлілася, што ні ў засаду, ні ў палон яны не трапілі – доўга шукалі месца, каб перайсці рэчку. Наконт пабудоў Пашка даслоўна сказаў так:
– Гэта чуланы для авечак!
– Чулан для авечак? – мы гэта запомнілі!
У выніку ўсіх разведак высветлілася, што лепшым месцам для лагера з’яўляецца галечны пляж на беразе возера. Астатнія месцы былі альбо забалочаныя, альбо крутыя ці камяністыя - непрыдатныя для пастаноўкі намётаў. Сонца тым часам схавалася за горны хрыбет, пахаладала. Але болей цямнець не збіралася – белыя ночы. Вячэралі, па звычаю калектыўна абмяркоўваючы самыя розныя адвечныя пытанні, што стаяць перад чалавецтвам (перад лепшай яго часткай).
А вось засынаць без павязкі на вачах было цяжкавата!